Епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый выступіў з дакладам на XXIX Міжнародных адукацыйных чытаннях «Аляксандр Неўскі: Захад і Усход, гістарычная памяць народа»

18 мая 2021

top.jpg

З 16 па 18 мая 2021 года ў Маскве праходзяць XXIX Міжнародныя адукацыйныя чытанні «Аляксандр Неўскі: Захад і Усход, гістарычная памяць народа».

Праца Сінадальнага аддзела па манастырах і манаству падчас Чытанняў ажыццяўляецца ў рамках XIV кірунку «Старажытныя манаскія традыцыі ва ўмовах сучаснасці» ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Кіруе працай напрамку мітрапаліт Кашырскі Феагност, старшыня Сінадальнага аддзела па манастырах і манаству Рускай Праваслаўнай Царквы.

У відэаканферэнцыі, якая дадаткова трансліравалася на YouTube-канале, зарэгістраваліся больш за трыста ўдзельнікаў: архіерэі, намеснікі, ігумены і ігуменні, насельнікі стаўрапігіяльных і епархіяльных манастыроў дзевяноста сямі епархій Рускай Праваслаўнай Царквы, Беларускага Экзархату, Украінскай Праваслаўнай Царквы і Латвійскай Праваслаўнай Царквы.

Згодна з праграмай напрамку, у другі дзень чытанняў адбылося пленарнае пасяджэнне, падчас якога выступоўцы разгледзелі ў сваіх дакладах духоўную і гістарычную спадчыну святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага і яго значэнне для развіцця манаства на Русі.

Затым удзельнікі працягнулі працу ў секцыі «Развіццё манаства на Русі ў святле гістарычнага выбару Праваслаўя». У ліку выступоўцаў быў старшыня Сінадальнага аддзела па справах манастыроў і манаству Беларускай Праваслаўнай Царквы епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Асноўнай тэмай яго даклада «Арганізацыя ўнутранага жыцця манастыра і духоўнае ўзрастанне манаскіх асоб» стаў роздум аб тым, як павінна быць уладкавана жыццё ў манастыры, каб манахі ўмацоўваліся і натхняліся ў любові да падзвіжніцкага жыцця. Уладыка Парфірый, выступаючы на манаскіх форумах, ужо не раз выказваў думку, што таму, хто прыйшоў у манастыр, вельмі важна адчуць сябе ў сям'і, зразумець, што настаяцель або настаяцельніца — гэта бацька ці маці, што яго атачаюць браты або сёстры, з якімі трэба дзяліць ўсе радасці і смуткі. У цяперашнім выступленні ён асабліва падкрэсліў гэтую акалічнасць, заўважыўшы, што сучасная моладзь часцей за ўсё мае траўматычны вопыт знаходжання ў сям'і — без разумення, што такое аўтарытэт старэйшых, сапраўдная любоў і адказнасць. Ігумены і ігуменні закліканы ўлічыць і папоўніць гэты вопыт, даць чалавеку пачуццё абароненасці і каштоўнасці яго асобы, адначасова выхоўваючы паслухмянасць і ўменне супрацьстаяць страсцям. Епіскап Парфірый лічыць, што адной з умоў поспеху такой духоўнай працы з жадаючымі манаства павінен быць дастаткова працяглы час выпрабавальнага тэрміну — паслшніцкага іскуса. Ключавым звяном застаецца таксама тое, што духоўны дабрабыт кожнага манастыра залежыць, перш за ўсё, ад кіраўніка — ігумена, ігуменні. Ігумен і братэрства непарыўна звязаны адзін з адным, і ўздзеянне гэтай сувязі не можа замяніць сабой нават самы прадуманы і дасканалы ўстаў.

У заключэнне даклада ўладыка нагадаў словы прападобнага Паісія Святагорца аб небяспецы, у якой знаходзіцца сучаснае манаства: «...Свет сёння гарыць, а манаства губляе сілу, губляе годнасць. Калі з манаства сыходзіць духоўнае, то ў ім потым нічога не застаецца», — і заклікаў да малітвы аб умацаванні на манаскім шляху.

18 мая, праца XIV напрамку XXIX Міжнародных адукацыйных чытанняў працягнецца ў секцыі «Духоўныя асновы манаскай дзейнасці, іх увасабленне ў сучасным жыцці манастыроў» і завершыцца пасяджэннем, на якім будуць падведзены вынікі.

Лідская епархія//Church.by