Выйшла кніга пра свяшчэнна - і царкоўнаслужыцеляў Слонімскага павета XIX - пачатку XX стагоддзя

18 жніўня 2022

7.jpg

Пабачыла свет кніга першага прарэктара Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, прафесара Мінскай духоўнай акадэміі доктара гістарычных навук, прафесара С. П. Стрэнкоўскага «Свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі праваслаўных прыходаў Слонімскага павета ў XIX-пачатку XX стагоддзя».

Даследаванне падрыхтавана па ініцыятыве і пры падтрымцы архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя, намесніка Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага манастыра.

Кніга працягвае серыю выданняў «Свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі праваслаўных прыходаў на тэрыторыі Беларусі XIX – пачатку XX стагоддзя», у якой раней былі выдадзены кнігі, якія тычацца Лідскага, Ашмянскага і Навагрудскага паветаў. Серыя прысвечана памяці ўладыкі Іосіфа (Сямашкі), мітрапаліта Літоўскага і Віленскага, і яго паплечнікаў, папрацаваўшых у справе ўз'яднання беларускіх уніятаў з Маці-Царквой.

У дадзенай, трэцяй кнізе серыі, якая ўбачыла свет пры падтрымцы Навагрудскай епархіі, прадстаўлены звесткі пра святароў, дыяканаў, дзячкоў, псаломшчыкаў, панамароў, прасфорніц і царкоўных старастаў, а таксама пра развіццё сеткі праваслаўных прыходаў Слонімскага павета за перыяд, пачынаючы з Полацкага сабора 1839 года да Першай сусветнай вайны 1914-1918 гадоў. Цэрквы Слонімскага і Косаўскага, з 1858 года - Быценскага, Дзярэчынскага, Дзятлаўскага, Косаўскага, Слонімскага, а з 1872 да 1918 года – Быценскага, Дзятлаўскага, Косаўскага і Слонімскага благачынняў, пра прычты якіх ідзе гаворка, размяшчаліся на тэрыторыі сучасных Навагрудскай, Гродзенскай, Пінскай і Брэсцкай епархій. На аснове кліравых ведамасцяў, штатных раскладаў, матэрыялаў з Літоўскіх і Гродзенскіх епархіяльных ведамасцяў адноўлены імёны і біяграфіі больш за 1 100 свяшчэнна- і царкоўнаслужыцеляў, агульныя звесткі аб парафіяльных, прыпісных храмах і капліцах, прыведзены іх старыя фатаграфіі. На старонках кнігі перад намі з глыбіні часоў паўстаюць вобразы свяшчэннамучаніка Яраслава Савіцкага, будучых епіскапаў Феафана (Семянякі) і Феадосія (Самайловіча), свяшчэнніка Іларыёна Кадлубоўскага, які праслужыў на адным прыходзе больш за 70 гадоў, і многіх іншых іерэяў, дыяканаў, царкоўнаслужыцеляў, якія сваёй штодзённай працай умацоўвалі веру ў сэрцах людзей.

Кніга прысвечана 1030-годдзю Праваслаўя на Беларускіх землях, 705-годдзю стварэння Навагрудскай епархіі і 30-годдзю яе аднаўлення, Году гістарычнай памяці і арыентавана на навукоўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, усіх, якія займаюцца даследаваннямі ў галіне айчыннай і царкоўнай гісторыі. 

Прэс-служба Навагрудскай епархіі/Church.by