Інстытут тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Институт теологии является подразделением Белорусского государственного университета — ведущего высшего учебного заведения Республики Беларусь.

Інстытут тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з'яўляецца правапераемнікам факультэта тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла, які быў утвораны 1 кастрычніка 1993 года ў недзяржаўным Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (г. Мінск). Дэканам факультэта з моманта яго стварэння з'яўляўся Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Асноўнымі мэтамі стварэння факультэта з'яўляліся:

  • аднаўленне страчаных сувязяў паміж хрысціянскай традыцыяй і сучаснай культурай;
  • стварэнне сістэмы хрысціянскай адукацыі на ўзроўні вышэйшай школы;
  • узнаўленне сістэмы хрысціянскай метадалогіі ў адукацыйных, выхаваўчых і навуковых сферах;
  • падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў з высокім узроўнем багаслоўскай і гуманітарнай адукацыі.

У чэрвені 1995 года Міністэрства адукацыі і навукі сумесна з Міністэрствам эканомікі і Міністэрствам працы Рэспублікі Беларусь зацвердзіла новую спецыяльнасць «Тэалогія», надаўшы ёй шыфр Г.01.02.00.

Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ у сваім выступленні 22 ліпеня 1995 года перад выкладчыкамі, студэнтамі і супрацоўнікамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта падкрэсліў, што факультэт тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла «сапраўды першы ў былым Савецкім Саюзе, а зараз — у суверэнных рэспубліках — багаслоўскі факультэт, які мае сваёй асноўнай задачай рыхтаваць катэхізатараў і педагогаў, якія будуць выкладаць урокі веравучэння, гісторыі Царквы і іншыя багаслоўскія прадметы ў царкоўна-прыходскіх нядзельных школах, у гімназіях, ліцэях і іншых навучальных установах».

За гады дзейнасці факультэта 85 выпускнікоў атрымалі дыпломы дзяржаўнага ўзору.

У сувязі са спыненнем дзейнасці ЕГУ у верасні 2004 года рашэннем Мінгарвыканкама была зарэгістравана дзяржаўная ўстанова адукацыі «Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта».

19 лістапада 2004 года Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне аб выдачы спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на права ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці Інстытута.

Рашэннем Вучонай рады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта рэктарам Інстытута быў назначаны Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Навучанне ў наноў створаным інстытуце тэалогіі працягнулі ўсе студэнты і магістранты, якія вучыліся на факультэце тэалогіі ЕГУ. Практычна ўсе выкладчыкі і супрацоўнікі факультэта тэалогіі былі пераведзеныя ў наноў створаны Інстытут.

Асноўнай задачай Інстытута з'яўляецца падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй ў галіне тэалогіі, сучаснага рэлігіязнаўства, якія спалучаюць глыбокія прафесійныя веды з высокай культурай і маральнымі якасцямі для выкладання тэалагічных, рэлігіязнаўчых і іншых гуманітарных дысцыплін у навучальных установах усіх відаў і тыпаў, а таксама для работы ў навукова-даследчых установах, выдавецтвах, сродках масавай інфармацыі, у дзяржаўных установах па справах рэлігій, сацыяльных, грамадскіх і дабрачынных арганізацыях.

Інстытут тэалогіі ўяўляе сабой навучальную і навуковую структуру, што дынамічна развіваецца; ён застаецца адзінай, не маючай аналагаў адукацыйнай установай Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы прафесійных кадраў тэолагаў у сферы сучаснай свецкай адукацыі.

Адміністрацыя Інстытута:

  • рэктар — кандыдат багаслоўя мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі;
  • першы прарэктар — кандыдат багаслоўя, дацэнт, духаўнік Інстытута, протаіерэй Сергій Гардун;
  • прарэктар па вучэбнай рабоце — Тураў Аляксандр Іванавіч;
  • прарэктар па навуковай рабоце — кандыдат багаслоўя Шатраўскі Сяргей Іосіфавіч;
  • прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце — Мазур Міхаіл Барысавіч;

У структуру Інстытута ўваходзяць кафедры:

  • біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння (загадчык — Афанасенка Юрый Юр'евіч, кандыдат гістарычных навук);
  • багаслоўя (загадчык — доктар багаслоўя, прафесар протаіерэй Уладзімір Башкіраў);
  • рэлігіязнаўства (загадчык — кандыдат багаслоўя Данілаў Андрэй Уладзіленавіч),

а таксама Цэнтр міжнародных сувязяў і развіцця тэалагічнай адукацыі (начальнік — старшыня праўлення міжнароднага ГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» іерэй Святаслаў Рагальскі).

Інстытут ажыццяўляе актыўнае міжнароднае супрацоўніцтва і развівае на дагаворнай аснове шматстароннія кантакты з разнастайнымі замежнымі навучальнымі і навуковымі арганізацыямі і ўстановамі, вышэйшымі багаслоўскімі школамі і рэлігіязнаўчымі цэнтрамі.

На бягучы момант Інстытут тэалогіі заключыў дамовы аб супрацоўніцтве з сям'ю ўстановамі адукацыі далёкага і блізкага замежжа:

  • Інстытут усходніх Цэркваў (г. Рэгенсбург, Германія),
  • Фрыбурскі ўніверсітэт (г. Фрыбур, Швейцарыя),
  • Біблейска-багаслоўскі інстытут святога апостала Андрэя (г. Масква, Расійская Федэрацыя),
  • Евангелічна-тэалагічны факультэт Цюбінгенскага ўніверсітэту імя Карла Эберхарда (г. Цюбінген, Германія),
  • Недзяржаўная адукацыйная ўстанова вышэйшай прафесійнай адукацыі «Праваслаўны Свята-Ціханаўскі гуманітарны ўніверсітэт» (г. Масква, Расійская Федэрацыя),
  • Інстытут экуменічных даследванняў Львоўскага каталіцкага ўніверсітэту (г. Львоў, Украіна),
  • Праваслаўны Свята-Сергіеўскі багаслоўскі інстытут (г. Парыж, Францыя).

У рамках заключаных дамоў адбываецца абмен студэнтамі, аспірантамі, а таксама прафесарска-выкладчыцкім саставам у ўстановах-партнёрах. Установы садзейнічаюць развіццю сумесных навукова-даследчыцкіх праектаў, інфармуюць адзін аднаго аб канферэнцыях, якія праводзяцца і запрашаюць на іх навукоўцаў з партнёрскай установы. Установы рэгулярна абменьваюцца сваімі вучэбнымі планамі, навуковымі публікацыямі і ўдзельнічаюць у іх сумесным напісанні, а таксама абменьваюцца інфарматыўным, дыдактычным матэрыялам і спецыяльнымі дапаможнікамі.

Актыўнае супрацоўніцтва з разнастайнымі замежнымі ўстановамі дазваляе падтрымліваць партнёрскія пагадненні з шэрагам міжнародных хрысціянскіх арганізацый: з Сусветным Саветам Цэркваў (г. Жэнева, Швейцарыя), Сусветным брацтвам праваслаўнай моладзі «Сіндэсмас» (г. Афіны, Грэцыя), Еўрапейскай хрысціянскай экалагічнай сеткай (г. Вена, Аўстрыя), а таксама Папскімі саветамі па падтрымцы хрысціянскага адзінства і культурнаму супрацоўніцтву і іншымі міжнароднымі тэалагічнымі арганізацыямі.

Ганаровыя дактары Інстытута тэалогіі — дырэктар Інстытута ўсходніх Цэркваў Рэгенсбургскага ўніверсітэта праф. Нікалай Вірволь, філолаг С. С. Аверынцаў († 2004), паэтэса В. А. Седакова, дзяржаўны дзеяч РФ М. А. Мень, Мітрапаліт Чарнагорскі Амфілохій (Радавіч), архіепіскап Ліёнскі кардынал Філіп Барбарэн, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, сектазнаўца праф. Томас Гандоў.

Выпускнікі Інстытута маюць магчымасць паступіць у магістратуру па спецыяльнасці «Рэлігіязнаўства, філасофская антрапалогія, філасофія культуры»

Сайт Інстытута тэалогіі БДУ — http://www.theology.bsu.by/ru